Федэрацыя панкратыёна ў нашай краіне вельмі маладая, нягледзячы на тое, што гэты від адзінаборстваў адзін з самых старажытных — упершыню ён быў уключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў у 648 г. да н. э. Тады панкратыён практычна не меў абмежаванняў і спалучаў у сабе прыёмы барацьбы ў стойцы і партэры, падсечкі і болевыя прыёмы, удушэнне, зараз ён такі ж займальны і самы набліжаны да баёў без правіл.
Напэўна, шмат у каго з аматараў спорту на слыху такія імёны, як Арцём Дамкоўскі, Аляксей Кудзін, Вадзім Куцый, а цяпер у свеце баявых майстэрстваў і сярод жанчын запалілася новая беларуская зорачка — Яўгенія Лінкевіч. У сёлетнім сезоне яна выйграла чэмпіянат Еўропы, а крыху пазней менавіта беларусцы было даверана прадстаўляць панкратыён на Сусветных гульнях ва Уроцлаве. Як вядома, віды спорту, прадэманстраваныя на гэтым турніры, часта разглядаюцца на ўключэнне ў праграму Алімпійскіх гульняў.
Яўгенія Лінкевіч пачала займацца баявымі майстэрствамі ў знакамітым клубе CERBERUS у Маладзечне. Здаўшы патрэбныя нарматывы, яна трапіла да вядомага трэнера Алега Пятровіча, які выхаваў многіх славутых байцоў.
— Я доўга назірала збоку, шмат гадоў займалася валейболам, якраз калі заканчвалася наша трэніроўка, пачыналіся заняткі па рукапашным баі. Не магу сказаць, што была калісьці дзёрзкай і таму пайшла туды, проста стала цікава. Асабліва прыцягваў бокс, але пад руку трапіліся змешаныя адзінаборствы. Спачатку даводзілася трэніравацца з хлопцамі, і гэта было нялёгка, многія не вытрымлівалі і сыходзілі.
Працяглыя перапынкі ў занятках спортам дзяўчына рабіла толькі з-за праблем са здароўем, але ўсё адно ўвесь час вярталася ў залу. Цікаўлюся ў Яўгеніі, з чым, на яе погляд, звязаны такі попыт у сучасным свеце на баявыя віды спорту, у тым ліку ў дзяўчат.
— Людзям заўсёды быў цікавы мардабой. Можа быць, у жыцці не хапае драмы. Да таго ж на фоне крызіснай сітуацыі ў свеце людзі становяцца дэпрэсіўнымі, ім трэба неяк праяўляць свае эмоцыі. Ну і яшчэ здаровы лад жыцця — гэта модна.
Поўную версiю матэр’ялу чытайце на сайце выдавецкага дома «Звязда».